Выстаўка “Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне”
1 ліпеня 2020 года намеснік дэкана па навуковай рабоце гістарычнага факультэта Гаркаўчук П.В. наведаў выставачны комплекс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе адбылося ўрачыстае адкрыцце выстаўкі “Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне”. Праект прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Выстаўка з’яўляецца трэцім – завяршальным – этапам маштабнага культурна-гістарычнага праекта, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь з удзелам краязнаўцы і калекцыянера, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
На выстаўцы “Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне” прадстаўлены прадметы з прыватнай калекцыі У.А. Ліхадзедава, якія збіраліся не адно дзесяцігоддзе. Некаторыя з іх перададзены ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
У экспазіцыі дэманструюцца ўнікальныя рукапісныя дакументы, карты, старадрукі і рэдкія кнігі, перыядычныя выданні. Сярод іх – граматы XVI-XVII стст., у іх ліку прывілей караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы Мінскаму ўніяцкаму кляштару (1617 г.), рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі культавых устаноў XVIII-XIX стст. (метрыкі, кнігі перадшлюбных экзаменаў і інш.),рукапіс беларускіх татар (кітаб), старадрукі XVIII ст., выпускі “Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў” за 1841 г. – адной з першых беларускіх газет XIX ст., баявыя лісткі, а таксама напрастольны крыж канца XIX – пачатку XX стст., складзень каталіцкі з выявай божай маці і складзень праваслаўны канца XIX ст. і інш.
Прадстаўлены літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў, мастака-баталіста Фабера дзю Фора (па малюнках якога пазней зроблена шмат гравюр), літаграфіі па карцінах вядомага мастака Васіля Верашчагіна, а таксама паштоўкі канца XIX – пачатку XX стст. з відамі беларускіх гарадоў і мястэчак.
Цэнтральную частку экспазіцыі займае серыя кніг “У пошуках страчанага” і іншыя выданні Уладзіміра Ліхадзедава, у якіх змешчаны ўнікальныя дакументальныя матэрыялы, што адлюстроўваюць гістарычнае мінулае беларускай зямлі ў перыяд вайны і міру з 1812 па 1945 гг.
Матэрыялы вастаўкі спрыяюць узбагачэнню ведамі аб гістраычным мінулым нашай Радзімы, яе няскораным народзе, які заўседы адстойваў сваю незалежнасць і множыў здабыткі старэйшых пакаленняў ва ўсіх сферах жыцця.
Беларускаму народу ўласціва не забываць аб сваім мінулым, ганарыцца героямі вайны і працы, множыць сучасныя дасягненні, памятаючы пра ахвяры і гераізм сваіх продкаў. Таму Беларусь памятае, Беларусь вяртае, Беларусь захоўвае!
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




