Дзённік паэта
9 снежня 2016 г. з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча студэнты гістарычнага факультэта разам з намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце М.Л.Есялёнісам ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі наведалі спектакль “Дзённік паэта”.
У літаратурнай спадчыне А.С. Пушкіна 700 лірычных вершаў, у Янкі Купалы — каля 900, а ў Максіма Багдановіча — 250. Але сухая статыстыка не скажа нічога пра геніяльнасць паэта. Мала таго, што М.Багдановічу жыццё адмерала ўсяго 25 гадоў, большую частку вершаў на беларускай мове ён складаў далёка ад родных мясцін — у расійскім Яраслаўлі, на беразе Волгі. Тым самым “заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне літаратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа. Яго вытанчаныя, дасканалыя вершы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі XX стагоддзя”
У цэнтры ўвагі гледачоў – Максім Багдановіч, «замалёўкі» з яго жыцця, узятыя з неапублікаванага раней дзённіка паэта. Якім быў сапраўдны Максім Багдановіч? Чым ён жыў? Пра што марыў? Як уяўляў сабе каханне? Цікавая драматургічная задума аўтара падзяляе дзеянне на дзве часткі. Першая з іх дэманструе гледачу жыццё паэта, падзеі, пачуцці і перажыванні, якія ён апісваў у сваім інтымным дзённіку. Другая частка знаёміць нас з лёсам гэтага дзённіка і выносіць на паверхню відавочныя адрозненні стаўлення да чалавечых каштоўнасцяў і шчырых, глыбокіх пачуццяў у нашы дні і стагоддзе таму.
Перад спектаклем прайшла цікавая сустрэча з пламенніцай бліжэйшага сябра Багдановіча - Нінай Сяргееўнай Дзябольскай, перакладчыкам вершаў Максіма Багдановіча на французкую мову. Прагучалі і творы паэта як на беларускай мове, так і ў перакладзе, у выкананні студэнтаў-французаў, удзельнікаў майстра-класса “Тэатро”, ды і сама Ніна Сяргееўна не адмовіла гледачам і прачытала свае пераклады па-французку. Выдавец Віктар Хурсік прадставіў зборнік вершаў паэта з перакладамі Ніны Сяргееўны Дзябольскай, а лепшыя выканаўцы вершаў змаглі атрымаць кнігу ў падарунак.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




