Публічная лекцыя І.Л. Калечыц
2.02.2022 адбылася публічная лекцыя І.Л. Калечыц “Графіці Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы”, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў фізічным (традыцыйным) фармаце, але і з жывой трансляцыяй для ўсіх зацікаўленых.
Сярод пытанняў:
- Ці можна было пісаць на сценах царквы?
- Як звалі ігуменняў, якія былі пасля Еўфрасінні Полацкай?
- Які грэх найчасцей узгадваецца ў графіці Спаса-Праабражэнскай царквы?
- Ці посцілі ў сярэдневякоўі коцікаў на сценах?..
На сценах самага старажытнага храма Беларусі, полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, навукоўцы адкрылі 4000 надпісаў ХІІ—ХІХ стагоддзяў. Што і дзеля чаго пісалі продкі? Расказвае гісторык Іна Калечыц, аўтар манаграфіі пра царкоўныя графіці.
Пра тое, што на сценах храма ёсць надпісы, стала вядома ў ХІХ стагоддзі, калі паабсыпалася алейная фарба, якая іх хавала. Самы ранні датаваны запіс — 1189 год. Самы позні запіс — ад 8 жніўня 1832 года.
Надпісы сустракаюцца паўсюль. На ніжнім ярусе царквы — у алтары, ахвярніку, дыяканніку… Вялікая колькасць на слупах — на кожным да шасцісот надпісаў можа быць. Надпісы ёсць нават у аркасоліях — паўкруглых пахавальных нішах у сценах. Там хавалі ігуменняў, можа, кагосьці з княжацкай сям’і. Самы вялікі аркасолій прызначаўся для пахавання Еўфрасінні, але яна памерла ў Ерусаліме. І ўсё ж у гэтай нішы, магчыма, нехта быў пахаваны.
Над пахаваннямі святар павінен быў стаяць і чытаць малітву. На частцы сценкі аркасоліі адкрыта шмат надпісаў, напрыклад, архімандрыта Іаана, які жыў недзе ў XIV стагоддзі. Ён напісаў з памылкай: «Госпадзе, памажы рабу свайму анхімадрэту Іавану», а зверху ёсць прыпісачка: «А піў есмь». То бок архімандрыт выпіваў і каяўся ў гэтым. Надпіс аформлены цудоўна: рамачка ўся ў дыяганальных лініях, гэта значыць, што архімандрыт меў час: стаяў там, маліўся і вось напісаў.
Ёсць графіці і на верхнім ярусе царквы. На хорах, у дзвюх келлях — недзе па тысячы надпісаў у кожнай. Гэта амаль выключна надпісы шкаляроў, студэнтаў езуіцкага калегіума: лацінскія, канца XVI—XVIII стагоддзяў.
Адна з келляў належала прападобнай — месца яе малітваў. Рэстаўратары знайшлі ў келлі балкон — гэта як у вагоне другая паліца. Мяркуюць, што там Еўфрасіння спала, у галавах нават захаваўся вялікі камень.
Увогуле, надпісы сустракаюцца ва ўсіх цэрквах. Найчасцей памінальныя: нехта памёр — пішуць яго імя, часам год. Побач маглі ставіць вертыкальныя рысачкі — гэта колькасць малітваў за душу памерлага.
Гістарычныя асобы згадваюцца менавіта ў такіх надпісах. Напрыклад, тры полацкія ігуменні, якіх мы не ведаем ні па якіх іншых крыніцах, а таксама імёны епіскапаў, святароў, вялікай княгіні Ульяны, жонкі Альгерда.
Дарэчы, графіці дапамагаюць вызначыць першую назву царквы, эклезіёнім. Бо ў XII—XIV стагоддзях мы не ведаем, як царква называлася. Першая, самая старажытная назва царквы — яна зафіксавана і ў «Жыцці» — Святы Спас. Ёсць надпіс «Крылас Святога Спаса» (клірас) ці пішуць: «Панамар Святога Спаса», або «пабіце», бо «не ходзіць спяваць да Святога Спаса». У гонар Перамянення царква была асвечана ў 1656 годзе. Эклезіёнім ставіць пытанне пра дату першага асвячэння царквы: гэта Спас, але які з трох? Магчыма, 29 жніўня.
Ёсць таксама запісы-алфавіты, ад трох літар і далей. Напрыклад, запіс «абв» ужо абазначаў: я ведаю літары, я пісьменны. На сценах таксама ёсць доўгія шэрагі літар «а»: першая літара, якую чалавек навучыўся пісаць. І вось ён ужо сядзеў і ад душы пісаў гэтую літару, пакуль не атрымаў, магчыма, ад кагосьці. Потым ёсць яшчэ надпісы малітоўныя: «Госпадзе, памажы рабу свайму» і імя.
Самыя цікавыя — побытавыя надпісы. Яны ж і самыя складаныя для вывучэння...
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




