Навукова-практычная канферэнцыя для студэнтаў і школьнікаў, прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
10 красавіка на гістарычным факультэце БДПУ адбылася навукова-практычная канферэнцыя для студэнтаў і школьнікаў «Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі: да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». Мэта канферэнцыі – фарміраванне ў студэнтаў БДПУ і вучняў старэйшых класаў г. Мінска цікавасці да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і да вывучэння яе наступстваў. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел студэнты гістарычнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў, а таксама вучні і настаўнікі выпускных класаў дзесяці школ, ліцэяў і гімназій г. Мінска.
З вялікай зацікаўленасцю маладыя даследчыкі выслухалі даклад доктара гістарычных навук, прафесара кафедры гісторыі Беларусі М.М. Забаўскага “Подзвігу народа жыць у вяках (да 70-годдзя Вялікай Перамогі)”. Мікалай Міхайлавіч расказаў пра значэнне подзвіга савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны для лёсаў народаў усяго свету, пра спробы некаторых гісторыкаў перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны і недапушчальнасць скажэння фактаў гісторыіі.
У сваім выступленні кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі А.Ф. Вялікі звярнуў увагу на неабходнасць далейшага вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Анатоль Фёдаравіч расказаў аб вялікай колькасці архіўных матэрыялаў, што захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Гэтыя дакументы яшчэ не вывучаныя і не ўведзеныя ў навуковы зварот. Яны чакаюць сваіх даследчыкаў.
Загадчык кафедры філасофіі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт І.Ю. Нікіціна нагадала ўдзельнікам канферэнцыі, што далёка не ўсе аспекты гісторыі Вялікай Айчыннай вайны грунтоўна даследаваны на сённяшні дзень. Так, актуальнымі і маладаследаванымі застаюцца праблемы паўсядзённага жыцця савецкіх людзей ў часы акупацыі, ролі жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны і г.д.
У сваім выступленні перад удзельнікамі канферэнцыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 174 А.У. Цітова расказала аб супрацоўніцтве БДПУ і гімназіі № 174 ў справе арганізацыі і правядзення штогадовай міжнароднай моладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў у гістарычнай памяці народа». Сёлета яна будзе праводзіцца ўжо ў сёмы раз. Інфармацыя аб канферэнцыі змешчана на сайце www.bspu.unibel.by/pages/vov.
Аспірант кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі К.Ю. Тарановіч у сваім дакладзе “Навуковы дэбют” расказала аб арганізацыі навукова-даследчай працы ў БДПУ, аб тым, як студэнты набываюць даследчыцкія навыкі, уменне творча вырашаць пастаўленыя задачы. Крысціна Юр’еўна паведаміла школьнікам і іх настаўнікам пра навукова-даследчыцкі патэнцыял гістарычнага факультэта і заклікала выпускнікоў школ г. Мінска паступаць у наш універсітэт.
Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з выставай фотаздымакаў, прысвечанай студэнтам і выкладчыкам БДПУ, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. На стэндах былі прадстаўлены працы навукоўцаў гістарычнага факультэта па праблеме барацьбы савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Вялікая ўвага на канферэнцыі надавалася школьнікам, якія ўпершыню апынуліся ў сценах нашага ўніверсітэта. Кожнаму з іх былі ўручаны папкі з праграмай канферэнцыі, буклетам аб нашай навучальнай установе. На двух секцыях канферэнцыі маладыя навукоўцы школ г. Мінска выступілі са сваімі дакладамі-прэзентацыямі, адказалі на пытанні, прынялі ўдзел у дыскусіях. Тэзісы лепшых выступленняў школьнікаў былі рэкамендаваны да друку ў зборніку «Подзвігу народа жыць у вяках (да 70-годдзя Вялікай Перамогі)». Сярод іх:
1. Апенька Анастасія (ДУА “Ліцэй № 1 г. Мінска).
2. Аскірка Лізавета (ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска).
3. Былінская Юлія (ДУА “Гімназія № 42 г. Мінска).
4. Вайцэховіч Аляксей, Укружскі Расціслаў (УА «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча».
5. Калабанаў Кліменцій (ДУА “Гімназія № 61 г. Мінска).
6. Красніцкая Яўгенія (ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска).
7. Ламанос Мікіта, Кіямаў Яўген (ДУА Сярэдняя школа № 182).
8. Мірановіч Дар’я (ДУА “Гімназія № 42 г. Мінска).
9. Працкевіч Антон (ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска).
10. Рогоўскі Антон (ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска).
11. Самсон Максім (ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска).
12. Солнца Анастасія (ДУА “Гімназія № 174 г. Мінска).
Дэкан гістарычнага факультэта Аляксандр Валер’евіч Касовіч выказаў шчырую ўдзячнасць за актыўны ўдзел вучняў і настаўнікаў у працы навукова-практычнай канферэнцыі для студэнтаў і школьнікаў кіраўніцтву Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, а таксама школ, ліцэяў і гімназій г. Мнска. У падзяцы выказвалася ўпэўненасць, што супрацоўніцтва паміж нашымі ўстановамі будзе толькі ўмацоўвацца.
Лепшыя даклады студэнтаў-удзельнікаў канферэнцыі «Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі: да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» прагучаць на XI-й універсітэцкай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Студэнцкая навука як фактар асобаснага развіцця будучага спецыяліста», якая адбудзецца 23 красавіка 2015 г. у БДПУ. Больш падрабязна азнаёміцца з праблематыкай канферэнцыі і дадатковай інфармацыяй можна па адрасе: вул. Савецкая, 18, корпус 8, к. 408, тэл. 8 (017) 327-21-82, а таксама на афіцыйным сайце БДПУ.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка




