220030, Республика Беларусь, 
г.Минск, ул.Советская, 18
 
Исторический факультет, корп.1
Дневная форма 
получения образования
тел. (+37517) 2264025,
3 этаж, каб. 34
Заочная форма 
получения образования
тел. (+37517) 2264617,
3 этаж, каб. 31

E-mail: hist-fac@bspu.by ; shupliak@gmail.com

kav_hist@mail.ru

Дополнительно

Форма обратной связи




 Студенческая научно-исследовательская лаборатория СНИЛ БГПУ исторический


НАШИ ПРОЕКТЫ:

 


Поиск по сайту:
События
Караткевiч. Партызан-Пераможца.
А.Ф. Вялікі
А.В. Касовіч

 

А.Ц.Караткевіч. Партызан-Пераможца.

korotkev

   Аляксандр Цімафеевіч Караткевіч. Многія выкладчыкі, былыя партыйна-савецкія работнікі, студэнты нашага ўніверсітэта, калі пачуюць ці прачытаюць гэтае прозвішча, з удзячнасцю і цяплынёй успамінаюць постаць выдатнага педагога, былога рэктара МДПІ імя М. Горкага, па жыццёваму мудрага і разважлівага чалавека, які многім людзям даў “путёвку в жизнь”. Гэты артыкул прысвечаны  партызанcкаму мінуламу А. Караткевіча.

Напярэдадні 75-ці годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны патрэбна ўзгадаць баявы шлях партызана Аляксандра Караткевіча, які сваёй мужнасцю, гераізмам, самаахвярнай барацьбой з фашысцкімі акупантамі выстаяў у 1941 г і набліжаў Вялікую Перамогу. Яго баявыя ўзнагароды, атрыманыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сведчаць аб тым, што партызан А. Караткевіч ваяваў мужна і гераічна. Захаваўшыяся архіўныя дакументы той, ужо 75-цігадовай даўніны, яскрава пацвярджаюць гэтыя словы.

Аднак да пераможнага 9 мая 1945 г. ляжалі “долгия вёрсты войны” і першай самай трагічнай “верстой” стала 22 чэрвеня 1941 г.

Біяграфія А. Караткевіча не адрознівалася ад біяграфій тысяч яго аднагодкаў. У 1939 г. ён паступае на дзённае аддзяленне Аршанскага  настаўніцкага інстытута на факультэт мовы і літаратуры. Здавалася, што нішто не перашкаджае маладому чалавеку атрымаць вышэйшую адукацыю і пайсці настаўнічаць. Аднак лёс распарадзіўся па-іншаму.  Беларусь іспытвала недахоп педагагічных кадраў, і камсамольца Аляксандра Караткевіча рашэннем Віцебскага абласнога аддзела адукацыі ў кастрычніку 1940 г. пераводзяць на завочнае аддзяленне і накіроўваюць працаваць завучам і адначасова настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Вішкаўскую няпоўную сярэднюю школу Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.

 Але і ў школе не давялося Аляксандру Цімафеевічу доўга папрацаваць. 22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна. Малады педагог са сваімі калегамі па працы з-за хуткага заняцця раёна немцамі не змог эвакуіравацца ў тыл і вымушаны быў застацца ў акупацыі.

Перад А. Караткевічам, як і іншымі камсамольцамі,  не стаяла пытанне:  “Што рабіць ?”  На яго родную зямлю прыйшоў чужынец-вораг і трэба было ўсімі сіламі і сродкамі змагацца з захопнікам. І літаральна з першых дзён акупацыі ён уключаецца ў падпольную барацьбу. Былы загадчык Чашніцкага раённага аддзела адукацыі камуніст Папкоў арганізаваў падпольную групу. Па словах А. Караткевіча: “Па даручэнні месцовых партыйных органаў з першых дзён акупацыі разам з настаўнікамі-камуністамі і камсамольцамі працаваў сярод мясцовага насельніцтва, а з жніўня 1941 г.  прымаў удзел у дзейнасці падпольнай групы Папкова, накіраванага для  падпольнай работы ў наш раён рашэннем Віцебскага абкама КП(б)Б. Па заданні кіраўніцтва групы пераехаў  у вёску Стрыжава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, дзе пражывала мая маці, для работы сярод моладзі. Там і знаходзіўся да перахода ў партызаны”. А. Караткевіч не губляў сувязь с кіраўніцтвам Чашніцкага падполля. Сітуацыя значна ўскладнілася летам 1942 г.  Вось што адзначаў Аляксандр Цімафеевіч: “У ліпені 1942 г.  пасля арышту акупантамі Папова,  Корбана (дырэктара школы, дзе працаваў А. Караткевіч. – А.В., А.К) і іншых падпольшчыкаў сувязь з Чашніцкім падполлем была згублена. Але да гэтага часу на тэрыторыі Свечанскага сельсавета Бешанковіцкага  раёна  мною была створана патрыятычная камсамольска-моладзевая група, удзельнікі якой, акрамя палітычнай работы сярод мясцовага насельніцтва, правялі  шэраг баявых аперацый супраць акупантаў і іх памагатых. У ліку іх некалькіх засад на шашы Бешанковічі-Чашнікі, разгром Стрыжаўскай валасной управы, спаленне маста на р. Свечанка і іншыя”.

Восенню 1942 г. заставацца ў сваёй роднай вёсцы з-за актыўнай падпольнай дзейнасці стала небяспечна і А. Караткевіч прымае рашэнне перайсці да партызан. 15 верасня 1942 г. ён, як кіраўнік падпольнай групы, разам з таварышамі, узброенныя 8 вінтоўкамі, далучаюцца да партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь”, які па рашэнні ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПД) пераходзіў з-за лініі фронта ў Мінскую вобласць. З гэтага часу пачынаецца яго актыўная партызанская дзейнасць.

а

У партызанскі атрад яго залічылі радавым партызанам. Але ініцыятыва, адвага і мужнасць А. Караткевіча адразу ж былі заўважаны камандаваннем партызанскага атрада. З 1 кастрычніка (не прайшло і паўмесяца), яго прызначаюць камандзірам аддзялення атрада, а з 1 студзеня 1943 г. ён быў прызначаны камандзірам ўзвода. Нагадаем, што Аляксандру Цімафеевічу ў сакавіку 1943 г. споўніўся  толькт 21 год, а пад яго камандаваннем знаходзілася 30 партызан.

У вайну людзі рана сталелі.  Улічваючы яго здольнасці да агітацыйна-прапагандысцкай работы, у красавіку гэтага ж года яго прызначаюць палітруком роты партызанскага атрада “Ураган” партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”.

korotkevУ красавіку 1943 г. А. Караткевіч падае заяву аб уступленні ў рады КП(б)Б, у якой піша: “Прашу пярвічную арганізацыю атрада “Ураган” прыняць мяне кандыдатам у члены ВКП(б), так як я з’яўляюся ўдзельнікам партызанскай вайны супраць заклятых ворагаў чалавецтва – фашыстаў, жадаю быць камуністам і цалкам аддацца  справе партыі бальшавікоў”. Яго старэйшыя баявыя таварышы падтрымалі жаданне  Аляксандра Цімафеевіча і далі яму станоўчыя характарыстыкі. Начальнік штаба і адначасова сакратар партыйнай арганізацыі партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь” Ермалай Іваноў у рэкамендацыі адзначаў: “Ведаю таварыша  Караткевіча Аляксандра па сумеснаму жыццю і барацьбе ў партызанскім руху ў Бешанковіцкім, Чэрвеньскім раёнах БССР з красавіка 1942 г. як аднаго з лепшых партызан, які праявіў сябе  супраць нямецка-фашысцкіх  захопнікаў”. Такія ж выдатныя баявыя характарыстыкі далі яму і яшчэ два баявыя таварышы -  намеснік начальніка брыгады  па разведцы Аляксандр Лук’яненка і камісар брыгады Віктар Каралёў. 11 жніўня 1943 г. на пасяджэнні Чэрвеньскага падпольнага РК КП(б)Б А. Караткевіч быў аднагалосна рэкамендаваны кандыдатам у члены  ВКП(б). Членам партыі ён стаў толькі 29 красавіка 1944 г., калі Чэрвеньскі падпольны райкам партыі аднагалосна прыняў гэта  рашэнне.

З 1 жніўня 1943 г. -  новая камандная вышыня Аляксандра Цімафеевіча – яго прызначаюць памочнікам камісара па камсамолу партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”. На гэтай пасадзе ён ваяваў да поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да  расфарміравання брыгады. Яго баявыя таварышы адзначалі дысцыплінаванасць, патрабавальнасць маладога камсамольскага кіраўніка і да сябе, і да байцоў. “Першы час таварыш Караткевіч быў камандзірам аддзялення, камандзірам узвода, палітруком роты. У цяперашні час намеснік камісара па камсамолу брыгады “За Савецкую Беларусь”. Да сваіх абавязкаў тав. Караткевіч адносіўся і адносіцца сумленна, чэсна. Тактычны, дысцыплінаваны. Партыі Леніна-Сталіна адданы. За баявыя заслугі і подзвігі прадстаўлены да ўрадавых узнагарод” – сведчаць архіўныя дакументы.

 Вось іншыя словы баявых таварышаў: “Спачатку камандзірам, а потым палітработнікам т. Караткевіч не толькі праявіў сябе мужна і смела  ў барацьбе з  нямецкімі акупантамі, за што  камандаваннем  неаднаразова  прадстаўляўся да ўрадавых ўзнагарод, але і як выхавацель асабістага складу, які змагаецца за парадак, дысцыпліну і арганізаванасць у падраздзяленнях. Да сваіх абавязкаў адносіцца чэсна і добрасумленна. Дысцыплінаваны. Партыі Леніна-Сталіна адданы”. 

У баявой характарыстыцы памочніка камісара брыгады па камсамолу А. Караткевіча адзначаліся яго баявыя якасці: “Да жніўня 1943 г.  т. Караткевіч  вырас ад радавога байца да палітычнага кіраўніка  роты, у перыяд якога асабіста т. Караткевічам ажыццяўлёны шэраг баявых аперацый. Толькі за вясенні перыяд 1943 г. камандуючы дыверсійнай групай  партызанскага атрада “Ураган”  т. Караткевіч падарваў 4 варожыя  эшалоны на чыгунцы Мінск-Масква, пры чым  адзін з іх быў з жывой сілай праціўніка. 3.8.1943 г. камандаваў ротай у адкрытым баю з праціўнікам у  раёне вёскі Вадапой, у якой было забіта і паранена  звыш 30 гітлераўцаў. 4.8.1943 г. вёў роту на штурм варожай чуганачнай дарогі, выконваючы ўрадавае заданне. З жніўня 1943 г. т. Караткевіч - намеснік камісара брыгады па камсамолу. Выхоўваючы камсамол брыгады ў непрымірымасці да фашысцкіх захопнікаў, арганізаваў і паставіў яго ў першыя шэрагі змагароў  за Радзіму. Атрад больш 4-х месяцаў трымае ў сваіх руках пераходзячы Сцяг брыгады.  Т. Караткевіч павёў за сабой камсамол і прымаў асабісты ўдзел у баях: 28.6.1944 г. пры  разгроме гарнізона  “Загор’е”, 20.6.1944 г. пры выкананні ўрадавага задання па дыверсіі на чыгунцы, 21.6.1944 г. - пры акружэнні і знішчэнні карацельнага атрада ў раёне вёскі Шыпняны і працяглых баях, з 1.7.1944 г. па 9.7.1944 г. - па знішчэнні акружанай  групіроўкі праціўніка ўсходней Мінска”.    

Палітрук, а потым памочнік камісара брыгады па камсамолу Аляксандр Караткевіч не хаваўся за спіны партызан, а быў на перадавой. Ён не “кланяўся кулям”. І яго баявыя ўзнагароды яскрава аб гэтым сведчаць. Першае сваё прадстаўленне да ўзнагароды медалём “За баявыя заслугі” ён атрымаў напачатку лютага 1943 г. У наградным лісце адзначалася: “У час бою з  праціўнікам – нямецкім атрадам 5 лістапада 1942 г. у раёне вескі Валадуты Червеньскага раёна Мінскай вобласці, калі праціўнік акружыў атрад, т. Караткевіч смелым манёўрам са сваім аддзяленнем выйшаў з акружэння, зайшоў у тыл  праціўніка і, адцягваючы яго ўвагу ад зціскання кола акружаных партызан, прывёў ў замяшанне праціўніка, дзякуючы чаму акружаныя партызаны  змаглі вырвацца з акружэння і нанесці праціўніку ўдар”. Аднак невядома па якой прычыне Аляксандр Цімафеявіч так і не атрымаў гэтай узнагароды. Гэтую “памылку” паправілі напачатку 1944 г. Камандаванне брыгады прадстаўляе яго да ўзнагароды медалём “Партызану Айчыннай вайны” I-й ступені. У наградным лісце адзначалася: “Караткевіч адзін са старых партызан партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”, які прыйшоў з Віцебскай вобласці  і вырас з радавога партызана да выдатнага і здольнага палітработніка. На пасадзе памочніка камісара брыгады па камсамоле са жніўня 1943 г. паказаў сябе  ўмелым кіраўніком камсамолу брыгады. Адначасова ўдзельнічаў  у шэрагу баёў  з гітлераўцамі, дзе паказаў сябе смелым, гераічным патрыётам Савецкай Радзімы. Аляксандр Цімафеевіч Караткевіч заслугоўвае ўрадавай награды медаля “Партызану  Айчыннай вайны” I-й ступені”.  У ліпені 1944 г. камандаваннем брыгады “За мужнасць і адвагу ў баях т. А.Ц. Караткевіч быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Чырвонага Сцяга, які ён атрымаў у 1948 г.

Вайна для А. Караткевіча скончылася  2 ліпеня 1944 г., калі брыгады “За Савецкую Беларусь” у колькасці 5 атрадаў, якія налічвалі 1752 партызан,  уз’ядналася з войскамі Чырвонай Арміі. Трэба было наладжваць мірнае жыццё і ў ліпені гэтага ж года Аляксандра Цімафеевіча прызначаюць першым сакратаром Кагановіцкага райкама камсамола г. Мінска. З гэта часу пачынаецца яго камсамольская, партыйная, а затым і навукова-педагагічная праца ў Мінску і ў МДПІ імя М. Горкага.