220030, Республика Беларусь, 
г.Минск, ул.Советская, 18
 
Исторический факультет, корп.1
Дневная форма 
получения образования
тел. (+37517) 2264025,
3 этаж, каб. 34
Заочная форма 
получения образования
тел. (+37517) 2264617,
3 этаж, каб. 31

E-mail: hist-fac@bspu.by ; shupliak@gmail.com

kav_hist@mail.ru

Дополнительно

Форма обратной связи




 Студенческая научно-исследовательская лаборатория СНИЛ БГПУ исторический


НАШИ ПРОЕКТЫ:

 


Поиск по сайту:
События
А.М. Мацко

А.Ф.Рацько
Праз вогненныя гады Вялікай Айчыннай (баявы шлях прафесара БДПУ А.М. Мацко)


Адным з тых, хто мужна змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, быў доктар гістарычных навук, прафесар, былы загадчык кафедры гісторыі КПСС Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, вядомы даследчык гісторыі Заходняй Беларусі, таленавіты педагог, мудры дарадчык студэнцкай моладзі і аспірантаў – Аляксандр Мікалаевіч Мацко.
Нарадзіўся Аляксандр Мікалаевіч 15 кастрычніка 1924 г. ў вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У простай сялянскай сям’і Мікалая Барысавіча і Кацярыны Міхайлаўны Мацко было 8 дзяцей: 4 браты – Міхаіл, Павел, Іван, Аляксандр і 4 сястры – Марыя, Аляксандра, Ганна і Яўгенія. Каб пракарміць вялікую сям’ю, не хапала надзелу ў 2,5 га. Прыходзілася працаваць і на гаспадарцы, і, калі была магчымасць, ісці ў заробкі да пана ці асаднікаў не толькі дарослым, але і дзецям.
У верасні 1939 г. на тэрыторыю Заходняй Беларусі уступілі войскі Чырвонай Арміі. Як і тысячы беларусаў, 15-гадовы юнак шчыра вітаў прыход новай улады. Ён актыўна ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця. З вялікай прагай Аляксандр набывае веды ў савецкай школе, у 1940 г. уступае ў камсамол. Юнакі і дзяўчаты – камсамольцы – актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, ідуць у першых радах стварэння калгаса, які атрымаў назву “17 верасня”.
22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая армія напала на нашу зямлю, мірная праца была спынена. Вялікімі матэрыяльнымі стратамі, спаленымі гарадамі і вёскамі, неймавернымі людскімі пакутамі і мільёнамі бязлітасна абарваных чалавечых жыццяў увайшла ў нашу гісторыю Вялікая Айчынная вайна. Пачатак яе быў вельмі цяжкім. Пасля шматлікіх кровапралітных баёў войскі Чырвонай Арміі вымушаны былі адступіць пад націскам ворага.
Хутка вайна дакацілася і да вёскі Пагарэлка. Камсамольцы і патрыятычна настроеная моладзь вызначылі сваё месца – рашучая і бязлітасная барацьба з германскімі агрэсарамі. На нелегальным сходзе мясцовай камсамольсай арганізацыі, на якім прымалі ўдзел Аляксандр Мікалаевіч і яго брат Іван, было вырашана захаваць камсамольскую арганізацыю, прыступіць да збору зброі і боепрыпасаў і пачаць падпольную  барацьбу з ворагам. Сакратаром камсамольскай арганізацыі быў абраны Іван Мацко. За кароткі час камсамольцы сабралі значную колькасць вінтовак, некалькі кулямётаў, шмат гранат і іншых боепрыпасаў, якія былі пакінуты адступаючымі часцямі Чырвонай Арміі. Усё гэта было схавана ў полі за вёскай і ў лесе.
Камсамольская арганізацыя Пагарэлкі, у склад якой уваходзілі маладыя патрыёты вёскі Лядкі, хутка наладзіла сувязь з маладзёжнымі падпольнымі арганізацыямі вёсак Сіняўская Слабада і Беражна. Ужо летам 1941 г. патрыёты разгарнулі актыўную работу сярод мясцовага насельніцтва. Яшчэ ў першыя дні акупацыі ўдалося набыць радыёпрыёмнік. Яго выносілі ў поле, настройвалі на Маскву і з трывогамі і спадзяваннямі слухалі паведамленні ад Савецкага Інфармбюро і іншыя важныя звесткі. Затым вусна або ў форме лістовак даносілі іх да насельніцтва. Пісаліся лістоўкі ад рукі на лістах з вучнёўскага сшытку. Затым праз сувязных яны перадаваліся ў вёскі Сіняўская Слабада, Лядкі, Новае Сяло і іншыя населеныя пункты, дзе савецкія актывісты і камсамольцы-падпольшчыкі распаўсюджвалі іх.  
Маладыя патрыёты аказвалі разнастайную дапамогу савецкім воінам, якія апынуліся на захопленай ворагам тэрыторыі. Аказвалася дапамога камандзірам і чырвонаармейцам, што трапілі ў так званы “навагарудскі кацёл” – акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Заходняга фронту ў раёне Навагрудка і Налібокскай пушчы. Акружэнцы імкнуліся аб’яднацца з асноўнымі сіламі савецкіх войск. Мелася вялікая патрэба ў зброі і боепрыпасах, у прадуктах, часта і правадніках. У чэрвені 1941 г. Іван і Аляксандр Мацко дапамаглі перайсці да Немана і пераправіцца ў брод вайсковай часці колькасцю да 700 чалавек. 
Юнакі хавалі дома ці ў надзейных людзей знясіленых і параненых савецкіх салдат і камандзіраў, лячылі і кармілі іх. Як толькі воіны папраўляліся, давалі ім зброю і праводзілі на ўсход. Так, камсамольцы вёсак  Пагарэлка і Буковічы арганізавалі шпіталь. Для яго ў вёсцы Буковічы падабралі старую хату, прыбралі і пабялілі яе, пазносілі бінтоў, чыстага кужалю, прадуктаў. Калі ў наваколлі з’яўляўся паранены, яго накіроўвалі ў гэтую хату. Тут фельчар з вёскі Антанёва Філарэт Клаўсусь аказваў ім медыцынскую дапамогу: перавязваў раны, рабіў нескладаныя аперацыі, лячыў. Дзяўчаты з гэтых вёсак дзяжурылі пры параненых, рыхтавалі ежу і кармілі іх. За паўтара месяца існавання гэтага шпіталя некалькі дзесяткаў воінаў здолелі ўзяць зброю і пайсці змагацца з ворагам. 
Дзейнасць камсамольскага падполля асабліва ўзмацнілася зімой 1941-1942 г, калі нямецка-фашысцкія войскі ўпершыню ў Другой сусветнай вайне пацярпелі сакрушальнае паражэнне. Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. Быў развеяны міф аб непераможнасці фашысцкіх агрэсараў. Гітлераўскае камандаванне апынулася пастаўленым перад неабходнасцю  вядзення зацяжной вайны, якая ў канчатковым выпадку прадвырашыла   паражэнне Германіі. Першыя перамогі над ворагам уздымалі ў людзей настрой, натхнялі на больш упартую барацьбу. Якраз у гэты час падпольшчыкі сарвалі кампанію гітлераўцаў па збору цёплых рэчаў для сваёй арміі. Практычна ніхто з сялян не выканаў патрабавання акупацыйных улад і не здаў ніводнай цёплай рэчы.
Вясной 1942 г. у наднёманскіх лясах з’явіліся першыя групы партызан, галоўным чынам з ліку байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле ворага ці ўцяклі з фашысцкага палону і хаваліся зімой ў мясцовых жыхароў. Хоць партызан было яшчэ няшмат, аднак дзейнічалі яны смела і рашуча, нападалі на невялікія нямецка-паліцэйскія гарнізоны, грамілі ўправы і іншыя ўстановы акупантаў. Падпольшчыкі Сіняўскай Слабады і Пагарэлкі наладзілі сувязь з партызанскай групай афіцэра Васіля Золатава.  У суседнім Івянецкім раёне дзейнічаў партызанскі атрад імя В. Чапаева. 
Дзейнасць маладых патрыётаў зацікавіла германскія спецслужбы. Усё больш неспакойна станавілася ў вёсцы. Жандары і паліцыя настойліва шукалі партызан і тых, хто ім дапамагаў. Заставацца ў вёсцы стала небяспечна. У канцы чэрвеня 1942 г. камсамольцы-падпольшчыкі вёсакі Пагарэлка Аляксандр Бусько, Іван Мацко, Аляксандр Мацко, Мікола Бусько, Уладзімір Бусько, Анатоль Цобкала, Уладзімір Шудзейка, Бенядзікт Царук, Міхаіл Сак, Анатоль Мазюк, а таксама вёскі Сіняўская Слабада – Канстанцін Балабановіч, Уладзімір Калеснік, Міхаіл Балабановіч, Васіль Позняк, Канстанцін Пярэцкі і інш. уступілі ў партызанскі атрад імя В. Чапаева, які дзейнічаў у Мірскім раёне. 
Праз месяц па заданню камандвання атрада група была накіравана ў родныя мясціны для стварэння партызанскага атрада з мясцовага насельніцтва. Да канца 1942 г. група перарасла ў партызанскі атрад, у якім налічвалася больш за 150 байцоў. Паколькі асноўнае ядро атрада складала  моладзь, а арганізатарамі яго былі камсамольцы, ён атрымаў назву “Камсамольскі”. Насельніцтва так і называла маладых патрыётаў, калі яны яшчэ хадзілі групаю: “У нас былі камсамольцы”, “Мост узарвалі камсамольцы”, “Гарнізон спалілі камсамольцы”. Атрад дзейнічаў ў асноўным у Мірскім, Карэліцкім, Стаўбцоўскім і Любчанскім раёнах. К восені 1943 г. атрад налічваў каля 300 чалавек. У сувязі з гэтым ён быў падзелены на два атрады – “1-ы Камсамольскі” і  “2-гі Камсамольскі”. Партызанскія атрады раслі і дужэлі з кожным днём. На іх базе была створана брыгада “Камсамолец”. 
Два гады Аляксандр Мікалаевіч змагаўся з захопнікамі радавым партызанам. За праяўленую рашучасць, смеласць і кемлівасць у баявых аперацыях у ліпені 1942 г. яго назначылі камандзірам аддзялення партызанскага атрада “1-ы Камсамольскі” брыгады “Камсамолец”. Змагаўся з акупантамі не толькі Аляксандр, але і яго старэйшы брат Іван. Усе члены сям’і актыўна дапамагалі партызанам. У 1943 г. немцы і паліцыя з вёскі Турц схапілі старэйшага брата Міхаіла і яго жонку, а потым расстралялі. Брат Іван быў прызначаны камандзірам роты, а затым памочнікам камісара брыгады “Камсамолец”. 
У 1943 г. значна ўзмацнілася дыверсійная работа партызан. Найбольшы ўрон нямецка-фашысцкім захопнікам савецкія партызаны наносілі сваімі ўдарамі па варожых камунікацыях. Гэтымі дзеяннямі народныя мсціўцы знішчалі падчас перавозак жывую сілу, баявую тэхніку, транспартныя і іншыя матэрыяльныя сродкі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яшчэ большае значэнне мелі партызанскія ўдары для дэзарганізацыі забеспячэння нямецкай арміі асабліва гаручым і боепрыпасамі, для парушэння аператыўных перавозак. Акрамя таго, праціўнік вымушаны быў адцягваць значную колькасць войскаў для аховы шляхоў зносін. Вялікую ролю адыгрываў і маральны фактар – частыя крушэнні цягнікоў і налёты партызан выматвалі гітлераўскія войскі.
Падрыўнікі “1-га Камсамольскага” атрада брыгады “Камсамолец” за кароткі час пусцілі пад атхон на ўчастку Баранавічы–Мінск 17 варожых эшалонаў, знішчылі сотні германскіх салдат і афіцэраў, дзесяткі танкаў, аўтамашын, цыстэрн з палівам. Партызаны нанеслі ўдар па чыгуначнаму ўчастку Наваселле–Вільня. Народныя мсціўцы разбілі ахову, падарвалі звыш сотні рэек, сапсавалі каля кіламетра тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. 
У перыяд вызвалення Заходніх абласцей Беларусі партызаны брыгады, у якой змагаўся А.М. Мацко, удзельнічалі ў трэцім этапе “рэйкавай вайны”. Яны разбурылі ўчастак чыгункі паміж станцыямі Стоўбцы–Негарэлае, замініравалі і ўзарвалі некалькі соцень рэек. Да падыходу савецкіх войскаў партызаны пастаянна нападалі на адступаючых на захад германскіх салдат і афіцэраў, амаль тыдзень утрымоўвалі сваімі сіламі пераправу праз раку Нёман каля вёскі Сіняўская Слабада.

За актыўны ўдзел у камсамольскім падполлі і партызанскай барацьбе Аляксандр Мікалаевіч быў узнагароджаны двума ордэнамі “Айчыннай вайны” ІІ ступені,  медалямі “партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За перамогу над Германіей у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За баявыя заслугі”.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Мікалаевіч актыўна ўключаецца ў грамадска-аднаўленчную працу. Былы партызан працуе памочнікам райупаўнаважанага па эвакуацыі беларусаў з тэрыторыі Польшчы, камсоргам ЦК ЛКСМБ Беларусі ў Ярэміцкай сярэдняй школе, прапагандыстам Карэліцкага райкама партыі, адказным рэдактарам па агітацыі і прапагандзе Гродзенскага абласнога радыёкамітэта. Будучы слухачом Рэспубліканскай партыйнай школы Мацко паралельна вучыцца ў Мінскім педагагічным інстытуце, які паспяхова зкончыў у 1952 г. і атрымаў кваліфікацыю выкладчыка гісторыі сярэдняй школы.
У канцы 1950-х гг. Аляксандр Мікалаевіч вучыцца ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У гэты час з’яўляюцца яго першыя навуковыя працы. Аналітычны розум і вялікая працаздольнасць дазволілі яму паспяхова абараніць кандыдацкую дысертацыю па тэме “Сумесная барацьба працоўных Польшчы і Заходняй Беларусі супраць фашызму ў 1933-1939 гг.”, а праз пэўны час – доктарскую дысертацыю “Дзейнасць Кампартыі Польшчы і Кампартыі Заходняй Беларусі па арганізацыі працоўных мас на барацьбу супраць прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў (1918-1938 гг.)”.
У канцы 1960-х гг. А.М. Мацко працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. Спачатку ён выконвае абавязкі загадчыка сектара гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху, а потым загадчыка сектара гісторыі замежных сацыялістычных краін. Менавіта ў гэты час у Інстытуце  гісторыі быў створаны вялікі аўтарскі калектыў, з удзелам вучоных іншых  устаноў г. Мінска, былых арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху і падпольнай барацьбы для падрыхтоўкі фундаментальнага трохтомнага выдання “Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков годы Великой Отечественной войны”. А.М. Мацко ўваходзіў у галоўную рэдакцыйную калегію трохтомніка і з’яўляўся кіраўніком рэдакцыйнай рады трэцяга тома.
Адначасова з навуковай працай ён займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. З ліпеня 1973 г. Аляксандр Мікалаевіч выбіраецца на пасаду загадчыка кафедры гісторыі КПСС Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. На гэтай пасадзе ў поўнай меры раскрыўся талент прафесара А.М. Мацко не толькі як вядомага вучонага, але і як таленавітага педагога, мудрага дарадчыка студэнцкай моладзі і аспірантаў.
Аляксандр Мікалаевіч пакінуў вялікую навуковую спадчыну. Ён з’яўляўся аўтарам 6 манаграфій і больш за 200 навуковых артыкулаў, рэцэнзій і навукова-папулярных прац. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 4 доктарскія і больш за 40 кандыдацкіх дысертацый. Вучні А.М. Мацко і сёння працуюць на ніве гістарычнай навукі і адукацыі. Сярод іх доктар гістарычных навук, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.А. Каваленя, дырэктар Дзяржаўнай навуковай ўстановы «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.В. Даніловіч, дэкан гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка А.В. Касовіч і інш.


Літаратура
1.    А.М. Мацко – грамадскі дзеяч, вучоны, педагог (да 80-годдзя з дня нараджэння): матэрыялы Рэсп. навук.- тэарэт. канф., Мінск, 15 кастр. 2004 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; пад рэд А.А. Кавалені [і інш.]. – Мінск, 2005. – 149 с.
2.    Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка: вехи истории (1914-2014 гг.) : док., факты, события / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка; Редкол.: А.И. Андарала [и др.]; под общ. ред. А.И. Жука. – Минск: БГПУ, 2014. – 168 с.
3.    Ісаенка, У. Навагрудскі “кацёл” / У. Ісаенка // Энцыкл. гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1999. – Т. 5. – С. 260-261.
4.    Крамко, Я. І.  “Атрад “Камсамольскі” / Я. І. Крамко. – Мінск: Юнацтва, 1987. – 104 с.
5.    Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), Фонд. 4.  – Воп. 159. – Спр. 431. Асабовая справа Мацко Аляксандра Мікалаевіча. 10 верасня 1951-10 мая 1973 г. 
6.    А.Н. Мацко…. // Гістарычна-археалагтчны зборнік. – вып. 9. – 2014. С. 335-337.
7.    Навечно в памяти народной: К 60-летию Великой Победы. – Минск: БГПУ, 2005. – 250 с.